«Жыцьцё з мастацтвам»: адкрыцьцё выставы Андрэя Лянкевіча

19 жніўня ў галереі «Падземка» адкрыецца выстава вядомага ў Беларусі і па-за яе межамі фатографа Андрэя Лянкевіча «Living with Art». «Жыцьцё з мастацтвам» - гэта расповед пра тое, як карціны ўжываюцца зь людзьмі. Падчас працы над сэрыяй Андрэй наведаў 15 дамоў аўстрыйскіх мільянэраў.

Мы ўжо пісалі пра адкрыцьцё фотавыставы Андрэя Лянкевіча «Living with Art» у Аўстрыі. Нарэшце, працы дабраліся і да Менску. У маленькай утульнай «Падземцы» з 19 жніўня па 1 верасьня можна будзе на ўласныя вочы ўбачыць, як жывуць шэдэўры па-за межамі музэяў і мастацкіх галерэяў.

Фотасэрыя прысьвечана карцінам вядомага аўстрыйскага мастака Аляксандра Вальтнэра, а дакладней, тым, якія патрапілі ў прыватныя калекцыі аўстрыйскіх мільянэраў.

Вось і наведаўся Андрэй Лянкевіч у лепшыя дамы Аўстрыі. Дарэчы, не паўсюль ён быў жаданым госьцем. Некаторыя гаспадары скардзіліся на самаўпраўнасьць маладога фатографа: дзе што перасунуць, перавесіць ці ўвогуле прыбраць. Але іхні ўлюблёны Вальтнэр наказаў ім Лянкевіча слухацца.

Карціна – гэта ўжо статыка. А Лянкевіч збольшага здымае дынамічнае жыцьцё. І вось у сэрыі «Living with Art» у яго атрымалася перадаць «жыцьцё» карціны праз ейных гаспадароў. Бо калі карціна трапляе ў хату чалавека, яна мусіць неяк суіснаваць зь ім самім і іншымі прадметамі, вельмі далёкімі ад мастацтва.

SlaDa 09:30, 17/08/2007 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0769 seconds.