ЭГУ пашырае прыём на бакаляўрскія праграмы

Сёлета ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (Вільнюс, Літва) назіраецца высокая актыўнасьць абітурыентаў. Конкурс на некаторыя праграмы дасягнуў 10 чалавек на бюджэтнае месца, а сярэдні бал залічаных на бюджэт склаў 9,5. Плян набору на дзьве праграмы ўжо выкананы, а на найбольш папулярных адкрыты дадатковыя групы.

Нягледзячы на тое, што папярэдне плян прыёму быў павялічаны болей чым у паўтары разы (з 170 да 280 месцаў), ужо ў першай плыні на дзённыя бакаляўрскія праграмы былі прынятыя 207 чалавек, а гэта – 73 адсоткі пляну. На завочныя праграмы таксама ўжо прынятыя 206 чалавек. Як і было абвешчана раней, абітурыенты змогуць паўдзельнічаць у другой плыні прыёмнай кампаніі, што ў жніўні 2007.

У межах першай плыні на 80 бюджэтных месцаў паступіла 350 заяваў.

Самыя папулярныя праграмы гэтага году:

  • «Культурная спадчына і турызм» - 10,5 чалавек на бюджэтнае месца
  • «Тэорыя і практыка сучаснага мастацтва» - болей за 7 чалавек на месца
  • «Міжнароднае права» - 7 чалавек
  • «Візуальны дызайн і медыа» - амаль 5 чалавек на месца.

З-за высокага конкурсу, на Турызме была адкрытая дадатковая платная група.

Акрамя бюджэтных месцаў, на кожнай праграме існуюць і платныя, і паўплатныя месцы (адпаведна, 1000 і 2000 эўра за год). Плата за праграму па гісторыі Беларусі і культурнай антрапалёгіі складзе 500 эўра за год.

Дзьве праграмы – «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалёгія» і «Міжнароднае права» - выканалі плян набору ўжо ў першай плыні, і прыём абітурыентаў на іх завершаны. Астатнія праграмы працягнуць прыём заявак да 25 жніўня на вольныя месцы з аплатай навучаньня па поўнаму або ільготнаму тарыфу.

Да 10 верасьня бягучага году працягваецца прыём дакумэнтаў на ўсе бакаляўрскія праграмы завочнай формы навучаньня. Кошт навучаньня – 500 эўра на год, мова навучаньня – беларуская і руская.

Паводле прэс-рэлізу

19:40, 30/07/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.