Я не плястыкавы пакет!

У той час, як у Беларусі віруе мода на плястыкавыя пакеты, эўрапейскія, амэрыканскія й азіяцкія модніцы з глузду едуць ад жаданьня мець сумку з катэгарычным надпісам «Я не плястыкавы пакет». У сьвеце зараз модна быць экалягічна сьвядомым, а ўсяго за 15 даляраў можна дэманстраваць гэта на кожным кроку. Хаця, баваўняныя сумкі замест плястыку ўжо прасачыліся ў сталіцу – з боку Бабруйска.

Я не плястыкавы пакет

Ганя Хіндмарч, гэта сусьветна прызнаная каралева сумачнага каралеўства, распрацавала сумесна з арганізацыяй We Are What We Do сумку, якая замяніла ёй ажно дзевяць плястыкавых пакункаў пры наведваньні крамы. Усё мы ведаем, што плястык не разлагаецца і моцна шкодзіць навакольлю. Прыгадайце, колькі пакетаў вы выкарыстоўваеце за месяц, калі йдзеце ў краму. Ды нават элемэнтарны кекс зараз агорваюць не ў знаёмую зь дзяцінства шэрую паперу, а ў поліэтылен.

Ідэя, якую We Are What We Do нясе ў масы – зробім сьвет лепей малымі крокамі. Не абавязкова кідацца на амбразуры змаганьня з сусьветным злом, або ладзіць розныя там LiveEarth. Дастаткова проста выключаць сьвет у калідоры, даставаць тэлефонную зарадку з разэткі, выключаць ваду, пакуль чысьціш зубы... Ды проста – усьміхацца адзін аднаму.

Такая вось добрая Ганя. Нават прынц Чарльз ёй пра гэта напісаў. Больш таго – і шчодрая. Усе першыя 20 тысяч сумак каштавалі ўсяго па 10 даляраў, у кожную асобную краму трапляла ўсяго 30 штук. Звычайна шэдэўры Гані каштуюць разоў у сто болей. Зразумела, што за модным аксэсуарам выстраіліся небывалыя чэргі заступніц прыроды.

 

Праўда, другая партыя сумак пайшла ўжо па 15 даляраў за штуку – кошты на міжнароднае распаўсюджваньне не стаяць на месцы, інфляцыя ў сьвеце як ні як. Знайшліся і тыя, хто ня верыць у шчырасьць спадарыні Хіндмарч – маўляў, піяр, самарэкляма... І адказ такіх зласьліўцаў не прымусіў сябе чакаць – зьявіліся сумкі з надпісам «I’m not a smug twat» (у самым мяккім перакладзе «Я не самазадаволеная дурніца»), такія ж самыя па дызайне, адзінае што іншага колеру. Таксама можна знайсьці варыянты «Фактычна я – поліэтыленавы пакет» або «Я не сумка Гані Хіндмарч».

І хаця ў горадзе Менску плястыкавы пакет пакуль яшчэ застаецца самым папулярным сродкам самавыражэньня, сям-там можна заўважыць людзей, якія зь лепшых экалягічных памкненьняў перайшлі на баваўняныя торбы. Так, на фэсьце «Рок за баброў» бровар «Сябар» ладзіў сумесна з грамадзкай экалягічнай арганізацыяй «ЭкаДом» акцыю «торба ў абмен на пакет». Ажыятаж сярод жыхароў і гасьцей Бабруйску гэта акцыя выклікала ня меншы, чым сумкі Гані Хіндмарч. Народ тэрмінова скупаў па ваколіцах плястыкавыя пакеты і сьпяшаўся да пункту абмена. Як раз той выпадак, калі галоўнае ў сумцы ня тое, што ўнутры, а тое, што звонку.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0753 seconds.