Свабодны тэатар: Легенды дзяцінства 1

Чужыя думкі заўсёды таямніца. Але чалавек, які патрапіць на новы спэктакль Свабоднага тэатру «Легенды дзяцінства» дакладна будзе ўзгадваць сябе маленькага. Або старацца забыць. Першая рэакцыя на назоў – зараз будуць прыемныя ўспаміны, усім блізкія дробязі. Пачаліся «Легенды» словамі «я не люблю манную кашу з камочкамі, малако з плёнкай, і выхавацельку...» Ага, як і я. Як і ты. Мала хто любіў гэтую тройцу!

Але не. Не было рафінаваных, салодкіх успамінаў. Чацьвёра актораў Тэатру – Яна Русакевіч, Ганна Саламянская, Паваў Родак-Гарадніцкі і Алег Сідорчык – распавялі сапраўдныя гісторыі свайго дзяцінства, якія хутчэй нагадваюць легенды. Але людзі гэта сапраўды перажылі і больш таго – жылі з гэтым. І такое дзіўнае пачуцьцё – цябе ўпусьцілі ў самую глыбінь свайго я. Адная справа – майстэрскі выканаць граматна напісаную ролю, і зусім іншае – перадаць боль стратаў з пазыцыі не дарослага свайго жыцьця, а так, каб мы самі пабачылі сытуацыю вачамі маленькага дзяцёнка. Ня кожны здольны распавесьці незнаёмым людзям пра рэчы, якія б не сказаў лепшай сяброўцы, пра тое, што і роднай маці не раскрыеш.

І як падумаеш, колькі таямніцаў у гэтых маленькіх, кволых істотах – дзетках, колькі ў іх сэрцайках болю. «Кожнае дзіця мае права на дзяцінства» - зараз разумееш увесь сэнс гэтага асноватворнага радку Дэклярацыі правоў дзіцяці.

Мабыць, талент выхоўваецца на перажываньнях, на вострым успрыняцьці. Мажліва, гэтыя самыя легенды і сталі шляхам да акторства. Але Свабодны тэатар рыхтуе і другую частку «Легендаў дзяцінства», дзе ўжо гледачы падзеляцца сваімі гісторыямі. Прэм'ера адбылася ў чацьверак, 5 ліпеня, а зараз Тэатар на гастролях у Польшчы. Але па вяртаньні праца над «Легендамі» пойдзе больш інтэнсіўна – і абедзьве часткі сплятуцца ў адной фінальнай.

Цалкам жа, «Легенды дзяцінства» – вельмі свабоднатэатральны праект. Тут спалучэньне глыбока прыватнага і сацыяльна-грамадзкага, эмацыйнае напружаньне і тонкія нечаканасьці. Але зноўку – гэта ня ёсьць спэктакль як гэткі. Тое хутчэй шчыры расповед, маналёг, зь якога можна пачаць дыялёг. Дыялёг, які ўжо распачаўся ў галовах гасьцей (якіх бы, традыцыйна, хутчэй назваць сябрамі). Дыялёг, які працягнецца на сцэне.

Акторы: Яна Русакевіч, Ганна Саламянская, Паваў Родак-Гарадніцкі і Алег Сідорчык

Рэжысэр-пастаноўшчык:  Уладзімір Шчэрбань

Памочніі рэжысэра: Марыя Вавохіна

Прадусары: Мікалай Халезін, Натальля Каляда

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0713 seconds.