Студэнты БДУ зьбіраюць подпісы за пабудову стаянкі для ровараў

Ініцыятарка акцыі Юля назьбірала ўжо некалькі дзесяткаў подпісаў. Яна адзначае, што найперш ёсьць дамоўленасьць з старшынёй прафсаюза студэнтаў БДУ, празь які подпісы трапяць у рэктарат са спадзевам на станоўчае рашэньне ў пабудове веластаянкі.

Што да плянаў па колькасьці подпісаў, то арганізатарка акцыі лічыць, што ня трэба гнацца за сотнямі подпісаў – каб не атрымалася так, што пабудуюць занадта вялікую стаянку, якая ня будзе выкарыстоўвацца напоўніцу:

«Калі будзе 50 подпісаў – гэта сама то».

Зараз студэнты з роварамі выкручваюцца хто як – адныя ставяць ля станцыі мэтро, а потым самастойна дабіраюцца да ўнівэрсытэта. Некаторыя спрабуюць ставіць ва ўнутраным дворыку БДУ – прычапляюць да навесаў-палілак.

Але гэта «не зусім цывілізавана», лічыць Юля.

Ёсьць у дворыку галоўнага корпуса БДУ аўтастаянка, дзе, мяркуюць студэнты, магла б зьмясьціцца і стаянка для студэнцкіх ровараў. Тым больш што ў гэтым раёне месьціцца некалькі факультэтаў – юрфак, мэх-мат, ФПМІ, фізфак, геафак.

А ў сьвеце апошніх падзеяў, калі адмяняюць льготы студэнтам на праезд у грамадзкім транспарце, жаданьне студэнтаў перасесьці на ровары толькі ўзрасьце.

Студэнты аптымістычна глядзяць на посьпех акцыі з пляцоўкай для ровараў у БДУ. Ужо створаны сайт, дзе кожны можа далучыцца да акцыі і паставіць свой подпіс – варта толькі быць студэнтам БДУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0661 seconds.