ЭГУ абвяшчае прыём студэнтаў на праграмы завочнага навучаньня

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт абвяшчае пачатак прыёму студэнтаў на дзённае і завочнае аддзяленьне бакаляўрскіх праграм. ЭГУ дае беларусам шырокія магчымасьці атрыманьня базавай і дадатковай вышэйшай адукацыі і дыплём эўрапейскага узроўню. Унівэрсытэт запрашае абітурыентаў на Дзень адчыненых дзьвярэй, які адбудзецца ў Вільні 26 траўня.

Сёлета прапанаваныя праграмы завочнага навучаньня маюць шэраг новых перавагаў:

  • пашырэньне геаграфіі набору і інтэрнацыяналізацыя студэнцкага корпусу шляхам прыцягненьня студэнтаў з Расеі, Украіны, Польшчы і краін Балтыйскага рэгіёну;
  • пашырэньне шэрагу прапанаваных дысцыплінаў;
  • навучаньне па індывідуальным пляне ў залежнасьці ад загружанасьці і узроўню падрыхтоўкі.

ЭГУ працягвае эўрапейскую традыцыю клясычнай гуманітарнай адукацыі, фармуючы ў студэнтаў навыкі крытычнага, крэатыўнага мысьленьня і адкрытасьць да інавацыяў. Студэнты і выпускнікі ЭГУ маюць шырокія пэрспэктывы самарэалізацыі ў акадэмічнай, прафэсійнай і грамадзкай сфэрах, а таксама магчымасьць удзелу ў міжнародных адукацыйных, творчых і навукова-дасьледчых праектах (канфэрэнцыях, летніх моўных школах, сэмінарах і інш.). Ва унівэрсытэце працуюць вядучыя беларускія і замежныя выкладчыкі. Па заканчэньні бакаляўрскіх праграм выпускнікі унівэрсытэта маюць магчымасьць працягнуць адукацыю ў магістратуры ЭГУ і іншых эўрапейскіх ВНУ.

Адукацыя ЭГУ дае унікальныя магчымасьці атрыманьня цэлага шэрагу спэцыяльнасьцяў, запатрабаваных на беларускім і эўрапейскім рынках працы, і прапануе навучаньне па наступных праграмах:

  • Міжнароднае права
  • Візуальны дызайн і мэдыі
  • Візуальныя і культурныя дасьледаваньні
  • Масавыя камунікацыі і журналістыка
  • Культурная спадчына і турызм
  • Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні
  • Тэорыі і практыкі сучаснага мастацтва
  • Сацыяльная і палітычная філязофія
  • Беларусістыка: гісторыя Беларусі і культурная антрапалёгія

Асаблівасьцямі навучаньня ў ЭГУ зьяўляюцца: выкарыстаньне ў навучальным працэсе найноўшых інфармацыйных тэхналёгій; гнуткі графік навучаньня і магчымасьць камбінаваць вучобу з працай; спалучэньне працы ў групе і індывідуальнай працы з выкладчыкам.

Пры паступленьні на завочныя праграмы ЕГУ:

  • залічэньне адбываецца без уступных іспытаў, адпаведна – без стрэсу для абітурыентаў і іх бацькоў;
  • заявы на паступленьне прымаюцца па электроннай пошце;
  • улічваюцца пройдзеныя ў іншых ВНУ дысцыпліны і скарачаецца тэрмін навучаньня (да двух-трох гадоў);
  • падаецца поўны пакет суправаджальных паслугаў: візавая падтрымка, дапамога ў падборы недарагога жыльля на час сэсіі і інш.;
  • найлепшым студэнтам выдаецца бясплатная гадавая літоўская віза;
  • дзённыя сэсіі праводзяцца ў Вільне.

ЭГУ – гэта ўнікальная магчымасьць атрымаць эўрапейскую адукацыю, не выяжджаючы зь Беларусі, на рускай і беларускай мове. ЭГУ - гэтая эўрапейская адукацыя па беларускіх коштах.

@ptymist 16:40, 16/05/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1051 seconds.