Узмоцнены кантроль за працай дыскатэкаў і начных клюбаў

Беларускі Ўрад зацьвердзіў Палажэньне аб арганізацыі правядзеньня дыскатэк і працы культурна-забаўляльных (начных) клюбаў.

Як паведамляе БелТА, у палажэньні дадзеныя азначэньні асноўных тэрмінаў і паняткаў – такіх як дыскатэка, культурніцка-забаўляльны (начны) клюб, закрытая і адкрытая пляцоўкі.

Цяпер правядзеньне дыскатэкаў з 22 да 6 гадзінаў дазваляецца толькі на закрытых пляцоўках і начных клюбах, за выключэньнем мерапрыемстваў, якія ладзяцца па рашэньні рэспубліканскіх ворганаў дзяржаўнага кіраваньня, мясцовых выканаўчых і распараджальных ворганаў дзяржаўнага кіраваньня альбо ўзгодненых зь імі.

Правядзеньне дыскатэк у жылых памяшканьнях не дапускаецца. Асобам да 18 год трапіць на дыскатэку можна будзе толькі да 22 гадзінаў. У начныя ж клюбы ўваход падлеткам забаронены.

Палажэньне не распаўсюджваецца на дыскатэкі, якія ладзяцца ў межах арганізацыі выхаваўчага працэсу установамі адукацыі і аздараўляльнымі лягерамі на бязвыплатнай аснове.

tarka 16:50, 16/05/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1309 seconds.