30 тысячаў студэнтаў выйшлі на вуліцы Афінаў

8 сакавіка выдалася ў Афінах надзвычай гарачым, але не з нагоды сьвята жанчынаў. У чацьвер у Грэцыі адбылося самае жорсткае супрацьстаяньне студэнтаў і паліцыі. Былі параненыя каля 40 чалавек з абодвух бакоў.

Справа ў тым, што апоўдні, нягледзячы на грамадзкі рэзананс, было прынятае рашэньне аб зьменах у Канстытуцыі. Рашэньне аб скасаваньні манаполіі дзяржавы на адукацыю было накіравана на галасаваньне ў парлямэнт. А прыватныя навучальныя ўстановы, натуральна, азначаюць платнае навучаньне.

30 тысячаў студэнтаў выйшлі на вуліцы Афінаў

Яшчэ з траўня мінулага году настаўнікі і выкладчыкі, школьнікі і студэнты вырашылі выкарыстаць усе сродкі супрацьстаяньня: 330 унівэрсытэцкіх факультэтаў былі захопленыя. Заняткі ва ўнівэрсытэтах не адбываюцца ўжо некалькі тыдняў, у выніку зімовая сэсія была сарваная.

На гэтым тыдні ў аўторак і сераду ладзіліся вулічныя імпрэзы і канцэрты. Ішлі прамыя радыётрансляцыі з месцаў дэманстрацыяў.

8 сакавіка ў Афінах, па розных зьвестках, ад 20 да 35 тысячаў пратэстуючых рушылі да будынку парлямэнту. Пра тое, што адбывалася далей інфармацыя часам абсалютна супрацьлеглая – хто пачаў абмен кактэйлямі Молатава і сьлёзатачывай газай: пратэстуючыя або паліцыя – дакладна не вядома. 

Але ў выніку – каля 40 параненых (зь іх 13 афіцэраў паліцыі) і больш за 60 затрыманых. На адных інфармацыйных рэсурсах выкладзены камэнтар ананімнага афіцэра паліцыі:

“Ніколі ў сваім жыцьці я не бачыў такога – так многа самаробных бомбаў. Пяцёра маіх калегаў былі параненыя. Мы аднімалі ў дэманстрантаў пэтарды і драўляныя дубінкі”. 

На іншых прадстаўлена супрацьлеглая візія падзеяў. Так, паведамляецца аб перадузятасьці суда, аб немагчымасьці для некаторых затрыманых зьвязацца са сваімі адвакатамі. Сярод затрыманых ёсьць параненыя, але пяцёра зь іх ня могуць зьвярнуцца ў шпіталь.

Найбольш  радыкальныя актывісты пабілі дзесяткі вітрынаў, сапсавалі банкаматы і пашкодзілі звонку будынак гатэлю Grand Bretagne. Больш таго – атакавалі прэзыдэнцкую варту ля помніку невядомаму салдату. 

Гэта абраза для мяне, мне хочацца плакаць. Як яны маглі?” – выказаў свае адносіны кіраўнік прэзыдэнцкай варты Theodoros Kouskos.

Але ў падтрымку затрыманых адразу пачаліся хваляваньні ў Салоніках. У гэтым горадзе таксама ідзе жорсткае супрацьстаяньне паліцыі і дэманстрантаў. Асабліва ад сьлёзатачывай газы, якая актыўна выкарыстоўваецца паліцыяй, пакутуе Палітэхнічны факультэт  - студэнцкае радыё 1431 АМ паведамляе, што газа паўсюль у калідорах. Студэнты шукаюць паратунку ў аўдыторыях і нават на даху. Ёсьць параненыя. У іншых унівэрсытэтах студэнты разьбіваюць лягеры.

Хваля пратэсту, самая моцная за ўвесь час, моцна патрэсла грэцкі ўрад. Супрацьстаяньне жорсткае з абодвух бакоў, але пакуль ня ясна, ці будзе адхілены гэты законапраект, што выклікаў усеагульнае незадавальненьне найперш тых, каго непасрэдна тычыцца – студэнтаў.

Фота - athens.indymedia.org

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0992 seconds.