Песьні з-за кратаў у чырвоным касьцёле

Учора ва ўшчэнт запоўненай залі касьцёла сьв. Сымона і Алены прайшла сустрэча сівой даўніны і зялёнай сучаснасьці з нагоды прэзэнтацыі дыску на вершы Сяргея Новіка-Пяюна «Дні лятуць/Песьні з-за кратаў». 

Тацьцяна беланогая

Бачна было, што арганізатары не чакалі такога наплыву гледачоў, сярод якіх можна было заўважыць як маладых і пэўна упершыню пачуўшых большасьць сьпеваў Новіка-Пяюна, студэнтаў, так і больш сталага ўзросту людзей, некаторыя зь якіх бачылі Пяюна яшчэ пры жыцьці. Людзі стаялі каля ўваходаў, сядзелі проста на падлозе, на праходзе і каля сцэны.

Песьні з-за кратаў

Выданьне дыску «Дні лятуць/Песьні з-за кратаў» было прымеркаванае да 100-годзьдзя Сяргея Новіка-Пяюна. Назва нагадвае пра пакутлівы лёс паэта, які за сваё жыцьцё пабачыў вялікую колькасьць турэмных установаў, паспрабаваў на сабе рабаўнічую машыну самых розных таталітарных сыстэм, застаўся без жонкі і дачкі, але ня страціў жыцьцярадаснасьці і жаданьня пісаць.

Упершыню ў дваццаць год трапіўшы ў палітычнае выгнаньне ў польскае Памор’е, ён пачаў свой нялёгкі пакутлівы шлях вязьня. Па словах аднаго з выступоўцаў Зьмітра Марчука, Новік-Пяюн паміраў шмат разоў, але дзякуючы любові ён трымаўся і здолеў вярнуцца на радзіму.

Альбом зьмяшчае 23 кампазыцыі, сярод якіх ня толькі песьні ў традыцыйных стылях, характэрных для паэта, які моцна імкнуўся да рамансаў. У ім ёсьць і цяжкая музыка, і нават рэп ад Krow’а. Сярод іншых на дыску можна пачуць галасы Тацьцяны Беланогай, Ларысы Сімаковіч, Віктара Шалкевіча, «Zigzag’а», «Жабы ў каляіне», «Ростры». Некаторыя з удзельнікаў трыб’юту здолелі прыйсьці на дабрачынную імпрэзу, чым моцна парадавалі моладзевую частку публікі.

Зялёныя і сівыя

Распачаў канцэрт сябра паэта Зьміцер Марчук, які ў нетрадыцыйным стылі прасьпяваў адну з найбольш вядомых песень Новіка-Пяюна «Зорачкі», у свой час імпэтна перапетую Аляксандрам Памідоравым для славутага праекту «Я нарадзіўся тут».

Маладыя, але амбіцыйныя «Ростра» здолелі хутка завесьці залю чароўным голасам вакалісткі, пасьля чаго гурт «P.L.A.N.» замацаваў посьпех калегаў сваёй гармонікай.

 

Любіміца публікі Тацьцяна Беланогая на жаль прыхварэла, таму і выступ яе быў кароткі, але як заўсёды кранаючы сэрца.

Новік-Пяюн меў вялікую колькасьць сяброў, сярод якіх быў і Янка Купала, дзякуючы трапнаму вызначэньню якога паэт і стаў «Пяюном». Але спадар Купала па аб’ектыўных прычынах ня здолеў наведаць імпрэзу. Яго адсутнасьць з посьпехам замянілі іншыя сябры паэта.

Вольга Бабкова, якая ў маладыя гады даглядала за Новікам-Пяюном, убачыла ў ім сапраўднага арыстакрата. А дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Павал Знавец прыгадваў палітычную празорлівасьць Новіка-Пяюна.

Дзеля памяці

Голас Новіка-Пяюна, які таксама зьмешчаны на «Дні лятуць/Песьні з-за кратаў», выдае ў паэце сапраўднага змагара, моцнага і добрага чалавека, які перш за усё ў жыцьці дбаў аб Радзіме, пакутаваў за яе, але застаўся не зламаным. Выданьне дыска зьяўляецца істотнай, хоць і невялікай часткаю справы па ўшанаваньню і захоўваньню памяці аб гэтым цудоўным чалавеку.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0879 seconds.