Нататкі з сямі вяршыняў (частка ІІ)

Другая частка нататак з вандроўкі Зьмітра Гліндзіча разам з групай іншых беларускіх альпіністаў у горы Каўказу – 21 маршрут ад катэгорыі 1Б па 4Б на тэрыторыі Паўночнай Асеціі і Кабардына-Балкарыі. Як уявіць рай, трапіць пад маланку ў гарах і пераночыць над аблокамі.

22 беларускія альпіністы з клюбу “Надзір” – людзі розных полаў, узростаў і заняткаў – гэтым летам зьдзейсьнілі чарговую вылазку ў горы Каўказу. А трое заўзятараў скарылі Эльбрус! Сярод іх – Зьміцер Гліндзіч – сябра альпінісцкага клюбу “Надзір”, удзельнік Community Studenty.by і аўтар “Нататак з сямі вяршыняў” у трох частках.

Нататкі з сямі вяршыняў. Частка І >>  

 

НАТАТКІ З СЯМІ ВЯРШЫНЯЎ
Частка ІІ

 Найпрыгажэйшае месца Каўказу

Выходжу з двухпавярховай цаглянай хаты, у якой ля ракі Харэс у базавым лягеры разьмясьцілася некалькі дзясяткаў альпіністаў, якія зьехаліся сюды з розных рэспублік СНД і Прыбалтыкі. Сёньня неверагодна сонечная раніца.

Зьбіраем падрыхтаваныя зь вечару рэчы для апошняга выхаду на самыя далёкія з папярэдніх начоўкі. Калі дзень падыходзіць да абеду, то ўсе ўжо ў дарозе.

Далёка наперад па шырокай, у некалькі сотняў мэтраў, зяленай даліне бяжыць амаль родная сьцежка.

Шмат гадзінаў ідзем уздоўж буйнай горнай ракі, якая спачатку заціснутая ў высокія скальныя сьцены і жудасна бурліць, нібы важкі таварны цягнік, спрабуючы вырвацца, а потым, у верхняй сваей часцы разьліваецца на некалькі дзясяткаў рукавоў. Тут пасьвяцца шматлікія статкі паўдзікіх кароў і быкоў, часам сустракаюцца табуны коней, якія, здаецца, адчуваюць у гэтых бязлюдных мясьцінах бязьмежную свабоду.

Зрэдку набягаюць хмары, але сонца тут мае сілы прабіцца да самага нізу і паставіць на бясконцыя лугі шэраг кантрасных слупоў вогненнага з валавяным адценьнем сьвятла.

Пад самы вечар падыходзім да вялікай, так што цалкам і не ахапіць вокам, паляны Нахашбіта - кажуць, гэта адно з найпрыгажэйшых месцаў на Каўказе.

І сапраўды, нагадвае тое, куды мусяць адпраўляцца паводле Бібліі людзі, нарабіўшыя за свае жыцьцё мінімальна мала грахоў. Тут, сярод кветак, ўзгоркаў з маляўнічымі валунамі абсалютна розных памераў, у лябірынтах хуткіх ручаёў і рэчак, паміж вялікаснымі пікамі Каўказскага і Суганскага хрыбтоў ставім свае намёты.

Сьвет з вышыні і навальніца ў гарох

На наступны  дзень у складзе чатырох чалавек распачынаем чарговы маршрут 3А катэгорыі на вяршыню Нахашбіта 4391 мэтар вышынёй. Пасьля мінулага доўгага пераходу і кароткага адпачынку ідзецца даволі складана.

Абыходзім невялікае талае возера і ўздымаемся па шэрай паверхні ледавіку, які ў верхняй сваёй частцы ўвесь пакрыты неглыбокімі шчылінамі.

Мінаючы ледавік, трапляем у велізарных (у некалькі футбольных стадыёнаў) памераў лядова-скальны цырк, ускрайкі якога ўздымаюцца вертыкальна ўверх і пераходзяць у скальныя храбціны, а потым губляюцца ў аблоках альбо недзе месцамі чорнай пілой стаяць на фоне цёмна-блакітнага неба.

Пераходзім цырк і пачынаем лезьці, набіваючы прыступкі, па крутым языку сьнежніку, зрэдку прабітага вастраўкамі старых скал, дзе мы робім некалькі адпачынкаў. Зьнізу ў кулюар пачынае наганяць аблокі, надвор’е псуецца. Праходзіць некалькі гадзінаў.

Мы ідзем па сьнегавым грэбні шырынёй у паўмэтры. Навакольны сьвет губляецца ў аблоках на адлегласьці некалькіх мэтраў ад вока.

Раптам адчуваем гучны трэск, які шматразовым рэхам аддаецца ў паветры. Некаторы час упэўненыя ў абвале недзе побач за перагінам сьнегавога карнізу. Але пасьля таго, як трэск паўтараецца ў трэці раз, пачынаем разумець, што трапілі ў навальніцу. Наступныя паўгадзіны хаваемся пад узятым зь лягеру тэнтам.

То зьлева, то справа над галовамі жудасна грукоча, а па тканіне бесперапынна б’е сьнежнай крупой.

Навальніца скончваецца і праз хмары пачынаюцьбачныя плямы блакітнага неба.

Хутка паўзем ў бок вяршыні, і неўзабаве заўважаем, што, зьмяніўшыся, вецер зьверху і зьнізу гоніць клубы цемна-шэрых хмар назад зь вялікай хуткасьцю. Першыя ўдары новай навальніцы сустракаюць нас на самай вяршыні.

Інструктар дае загад як мага хутчэй спускацца хоць на некалькі дзясяткаў мэтраў, але ўжо праз пару сэкундаў у паветры і на сьнезе побач выразна чуецца шыпеньне і імгненна - вельмі кароткі і гучны, падобны на ўдар камнем па бруку, раздаецца трэск маланкі...

Падымаемся і распраўляемся. У целе зь левага боку адчуваю непрыемнае аняменьне, рухі атрымоўваюцца сьціснутымі і недакладнымі. Частка электрычнасці прайшла празь некалькі чалавек. У наступны момант сьлізгаем па лядова-фірнавым схіле некуды ўбок; павісаю галавой данізу на страховачнай вяроўцы.

...Некаторы час сплю, прытуліўшыся сьпіной да мокрай скалы. З-пад тэнта вылажу толькі пасьля таго, як перастае сыпаць сьнег, і сонца награе заціснутае пад тканінай паветра.

Калі ўжо ў цемры нас сустракаюць далёка ўнізе, дзе скончваюцца сьнег і скалы, і вядуць у тумане праз бясконцыя лябірынты ручаёў, пятляючых паміж валунамі, у галаве і ў нагах адчуваецца пустэча і звон. Ад неверагоднай стомы валюся з ног ля ўвахода ў намёт. Побач ў шэрай смузе чуваць плёсканьне вады. Падносяць цёплую гарбату з бальзамам.

Ноч над аблокамі

Празь дзень адпачынку, які пралятае амаль незаўважна, ізноў выходзім учатырох на апошні ў гэтым сэзоне ў Дзігорыі маршрут - 3Б на вяршыню Цухгарты, 4300 мэтраў, адзін са складанейшых у раёне маршрутаў гэтай катэгорыі.

Дзень працы праходзіць амаль без перапынкаў, зь ежы - толькі пара цукерак, увесь час сьпяшаесься. Увечары падыходзім да скальна-лядовай вэртыкалі, вяршыні яшчэ нават ня бачна. Хутка пачне цямнець. Зьяўляюцца прапановы сыходзіць з маршрута, але пасьля змаганьняў над сабой і амаль акрабатычнага, з апошніх сілаў, поўзаньня ўверх усё ж вырашаем ісьці да канца.

Паказваецца вяршыня. Празь некаторы час марудна даходзім да яе. Пачынае цямнець, таму разумеем, што шанцаў спусціцца ў той жа дзень уніз у нас няма. Абмяркоўваем сытуацыю і празь некалькі хвілінаў пачынаем замацоўваць тэнт ля скалаў, сьнегу і каменьня ў некалькіх мэтрах ад вышэйшай кропкі.

Выходзім на апошнюю радыё сувязь - шукаць сёньня нас ужо ня будуць.

Доўгі час ня можам зручна зьмясьціцца, мала месца. Прывязваемся да страхоўкі, грэем гарбату, кладземся.

Ноч праходзіць у напружаньні, на чатырох адзін спальнік. Лёгкія ад нізкай тэмпэратуры сьціснутыя, цяжка дыхаць, сьпім паўседзячы. Ноччу ідзе сьнег і пад тэнт дзьме вецер.

Калі пачынаецца раніца - выразна адчуваеш лёгкую сьвяточнасьць падзеі – пераночылі.

Вылазіш з-пад тэнту, некаторы час скокаеш на месцы, каб сагрэцца, і назіраеш за першымі промнямі сонца, якое шпарка вылазіць з мора аблокаў. Ноч скончылася, можна спускацца ў лягер. Ледарубам набіваеш кавалкі фірну на гарбату. Праз паўгадзіны рушым уніз. Выходзім на доўгі і круты сьнежны-лядовы кулюар.

Ідзем без страхоўкі. У адным зь месцаў зьязджаю ўніз і, не пасьпеўшы зарубіцца адразу, з хуткасьцю птушкі сьлізгаю на жываце некалькі соцен мэтраў, пакуль не трапляю ў лядовы лотак. Ляжу, адпачываю :). Вельмі хуткі, але не надзейны і траўматычны спосаб спуску.

Даволі хутка прыходзім у лягер і ў той жа дзень вяртаемся на базу “Комы-Арт”, дзе нас чакае доўгі сьвяточны вечар, пасьля якога раніцай большая частка з нас пакідае Паўночную Асецію. 

 

У заключнай частцы нататак чакайце ўзыходжаньне беларусаў на Эльбрус.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1245 seconds.