Новы сэзон на studenty.by

Вакацыі праляцелі, іх парэшткі залівае зараз ужо восеньскі дождж. Але часу сумаваць няма – Studenty.by пачынае новы сэзон!

Чамусьці прынята адлічваць каляндарны год з студзеня, але ж для большасьці ён традыцыйна яшчэ з школьных гадоў пачынаецца ў верасьні. У студэнтаў дык дакладна. Таму, з новым годам усіх! :) 

 

У гэтым новым годзе studenty.by працягне расьці і ўдасканальвацца, у нас будуць зьяўляцца новыя рубрыкі і цэлыя разьдзелы. Але анансаваць іх мы пакуль ня будзем, няхай усё новае стане для вас прыемным сюрпрызам ;) 

Гэтае лета прынесла сайту цэлы шэраг прыемных зьменаў. У нас аднавіўся дызайн і структура рэсурса. Запрацаваў новы разьдзел ФОТАБЛОГ, далучыцца да аднаўленьня якога можа кожны зарэгістраваны карыстальнік Studenty.by (праз адмысловую спасылку). Разьдзел "Матэрыялы" разросься ў два асобныя разьдзелы - АРТЫКУЛЫ і ПРАВА.

Нягледзячы на актыўны летні адпачынак (а ў каго і ня менш актыўную працу), вандроўкі, Адборышчы-Басовішчы, усё лета працягвалася традыцыя аўторкавых сустрэчаў наведвальнікаў Studenty.by. Кожныя два тыдні мы з многімі з вас сустракаліся за півам і цікавымі размовамі. І гэта добрая традыцыя ў новым сэзоне будзе толькі працягвацца!

Бліжэйшы аўторак - 5 верасьня. Да сустрэчы, сябры! 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0878 seconds.