Студэнцкі пратэст па-грэцку

Ужо больш за месяц у Грэцыі студэнты бастуюць супраць зьмены адукацыйнага заканадаўства. Дэманстрацыі з кожным днём прыцягваюць больш студэнтаў. Сёньня акупаваныя ўжо 320 факультэтаў (75% усіх факультэтаў у краіне).

У Афінах дэманструюць больш за 15 000 студэнтаў, у Тэсалоніках колькасьць бастуючых дасягае амаль 10 000. Дзеля спыненьня дэманстрацыяў паліцыя выкарыстала сьлёзную газу.

Што ўласна здарылася?

“Група экспэртаў”, прызначаная кансэрватыўным ўрадам Грэцыі, ля месяцу таму прапанавала наступныя зьмены ў заканадаўтва, якія грэцкі ўрад і міністэрства адукацыі плянуюць прыняць у ліпені:

  • Дэрэгістрацыя (па-нашаму проста адлічэньне) студэнтаў пасьля (Х*1,5) гадоў, пры тым што Х – мінімальная колькасьць гадоў неабходная для заканчэньня. Зараз гэты час неабмежаваны.
  • Абмежаваньне колькасьці разоў для наведваньня аднаго модулю (чытай – колькасьць пераздачаў).
  • Дазвол для паліцыі ўваходзіць на тэрыторыю ўнівэрсытэта (доўгатэрміновая мэта). Зараз паліцыя ня мае такога права і можа ўвайсьці на тэрыторыю ўнівэрсытэта толькі з дазволу спэцыяльнага камітэта пры кіраўніцтве ўнівэрсытэце, які выдаецца ў выніку даволі складанага працэсу прыняцьця рашэньня.
  • Спыніць бясплатную выдачу падручнікаў студэнтам. Зараз Канстытуцыя Грэцыі гарантуе бясплатную адукацыю для ўсіх. Гэта ўключае таксама і раздачу студэнтам літаратуры бясплатна.
  • Прыпыніць перавод студэнтаў. Сёньня студэнты, якія маюць пэўныя эканамічныя ці сацыяльныя праблемы, альбо праблемы са здароўем маюць права перавесьціся на факультэт, які бліжэй да іх месца жыхарства.
  • Увесьці выключна адміністрацыйныя пасады ва ўнівэрсытэтах (сёньня ўсе адміністрацыйныя рашэньні знаходзяцца ў юрысдыкцыі акадэмічнага пэрсаналу).

Важным пунктам прапанаванага закона зьяўляецца праўка 16-га артыкулу Канстытуцыі (у ім кажацца пра тое, што адукацыя мусіць быць дзяржаўнай і бясплатнай для ўсіх), каб адкрыць магчымасьць для стварэньня ў краіне прыватных унівэрсытэтаў.

Такі мэтад выражэньня пратэсту, як акупацыя ўнівэрсытэтаў і масавыя вулічныя пратэсты, зьяўляюцца звычайнай справай для грэкаў. Адпаведна сайту athens.indymedia.org грэцкія студэнты заўсёды моцна цікавіліся палітыкай. Кожны год адбываюцца выбары ў студэнцкія структуры, удзел у галасаваньні трымаецца заўсёды на ўзроўні 75-80%, што вельмі высокі паказчык для Эўропы. Таму ня дзіва, што студэнты так хутка і актыўна адрэагавалі на прапанаваныя зьмены ў заканадаўства.

Асаблівасьцю студэнцкага руху ў адрозьненьне ад прафсаюзнага, напрыклад, што яны не прымаюць ніякіх дамоваў з урадам і іх мэтай зьяўляецца поўная адмова ад прапанаваных зьменаў.

Варта таксама дадаць, што рэформу адукацыі падтрымліваюць як кансэрватыўны ўрад (партыя “Новая дэмакратыя”) і апазыцыйная партыя сацыял-дэмакратаў (PASOK). Акцыі студэнтаў не падтрымліваюць нават камуністы, якія набіраюць 14%. Камуністы выступаюць за менш радыкальныя мэтады барацьбы. У палітычным кантэксьце кіруючай сілай пратэстаў зьяўляюцца радыкальныя левыя (EAAK).

Тым часам у іншых краінах пачынаюцца акцыі салідарнасьці. Так, напрыклад, у Францыі у салідарнасьць з грэцкімі студэнтамі акупаваная адукацыйная сэкцыя амбасады Грэцыі ў Парыжы.

Тацяна Хома 11:55, 14/06/2006
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0738 seconds.