Фэст клубніцаў ды вышыванак: Strawberry fields forever па-лунінецку

Другая палова чэрвеня традыцыйна ператварае скрыжаванне палескай вёскі Дварэц у буйны кірмаш. Клубнічная сталіца, мекка, strawberry fields – мясціны клічуць па-рознаму, але факт, што гэты рэгіён забяспечвае ягадамі рынкі Беларусі і ўсходніх суседзяў. А на 2-3 тыдні ўсе мясцовыя розных пакаленняў ад бабуляў да палеткаў, ад сялянаў да дырэктароў школ шыхтуюцца на палетках, каб сабраць і прадаць ураджай. Generation.by правёў у легендарным раёне дзень, назіраючы як працуюць і святкуюць палешукі ў самы салодкі сезон.

Дукат, філона, луна, цёмна- і светла-польскія, калгасныя – усіх гатункаў ягады, а менавіта так клічуць мясцовыя клубніцы, не пералічыць. Яшчэ 15 гадоў таму толькі маладзейшыя ды спрытнейшыя везлі свае ягады ў Мінск ды іншыя гарады. Мясцовыя бабулі, дзядулі, падлеткі, сяляне і дырэктары школ выстаўлялі акуратна абвязаныя марляю вёдры ўздоўж шашы на сотні метраў. А праезджыя маглі вырашаць не толькі якую ягаду браць, але і ў якога прадаўца.

Цяпер аб’ёмы продажаў дасягнулі прамысловых маштабаў. Праезджыя турысты могуць і разгубіцца, як набыць сабе вядзёрка, бо амаль увесь ураджай тут жа выкупаюць замежныя і мясцовыя прадпрымальнікі, грузяць у легкавыя, мікрааўтобусы, фуры – і адразу вязуць у буйныя гарады. Кошты вагаюцца не тое што на працягу дня, а на працягу гадзіны. Аднак ягад хапае ўсім, і перакупшчыкам і тым, хто бярэ сабе на сочыва.

Яшчэ летась праехаць на шашы Берасце-Гомель і не заўважыць кірмаш было немагчыма, бо фізічна праехаць праз такую колькасць аўто і раварыстаў з вёдрамі з хуткасцю болей за 20 км/г было нерэальна. Сёлета нарэшце кірмаш атрымаў асобную пляцоўку ў полі за лесам у некалькіх сотнях метраў ад шашы.

Аднак не адзінаю працаю з 5-й па 23-ю гадзіну жыве ў гэтыя дні клубнічны раён. Ужо некалькі год як тут ладзяць фестываль «Лунінецкія клубніцы». І ўсё на тым жа скрыжаванні. Па адзін бок – віруюць жарсці на кірмашы, па іншы – песні і пляскі ў народных строях ад амаль кожнай мясцовай вёскі. Тут можна паласавацца блінцамі з клубніцамі, пірагамі ды іншай салодкай выпечкай. Шашлыкі ды квас – традыцыйныя для беларускіх вулічных івэнтаў забаўкі таксама на месцы. Да ўсяго – модныя этна-вырабы ад майстроў: дрэва, вышыўка, рушнікі з мясцовымі арнаментамі ды шмат-шмат розных прыдумак з клубніцамі.

Юра Сідун 26/06/2015

Камэнтары праз FACEBOOK

 
In 0.0688 seconds.